Каляндар падзей

Апошнiя навiны

Последние новости

Што? Дзе? Калi?

Мерапрыемствы i падзеi

1.            Геаграфічнае становішча і тэрытарыяльна-адміністрацыйнае дзяленне.

Смаргонскі раён размешчаны на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны ў паўночна-ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці і мяжуе на паўночным усходзе з Мядзельскім раёнам, на ўсходзе – з Вілейскім, на паўднёвым усходзе – з Маладзечненскім, на поўдні – з Валожынскім раёнамі Мінскай вобласці, на захадзе з Ашмянскім і на паўночным захадзе – з Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці.

 Адміністрацыйным і культурна- гаспадарчым цэнтрам раёна з’яўляецца горад Смаргонь, размешчаны за 260 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада Гродна і за 115 кіламетраў на паўночны захад ад горада Мінска, сталіцы Рэспублікі Беларусь. Утвораны раён 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці, а з верасня 1944 года ўвайшоў у склад Маладзечанскай вобласці, а з 20 студзеня 1960 года – Гродзенскай вобласці. У адміністрацыйна-тэрытарыяльных адносінах раён дзеліцца на дванаццаць сельскіх Саветаў, 352 населеныя пункты. Агульная колькасць насельніцтва – 56876 чалавек, з іх пражывае ў горадзе – 36700 чалавек, у сельскай мясцовасці – 20176 чалавек (на 01.01.2007г.).

Па нацыянальнаму складу беларусы складаюць 83%, рускія – 11, 5%, украінцы – 2,4%, палякі – 2,1%, іншыя нацыянальнасці – 1%.

Агульная плошча раёна складае 1488 квадратных кіламетраў.

У сувязі з інтэнсіўным развіццём горада Смаргоні ў 1985 годзе ён быў выдзелены ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. У лістападзе 1996 года па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ўпершыню ў рэспубліцы аднаіменныя адміністрацыйныя адзінкі Смаргонскі раён і горад Смаргонь былі аб’яднаны ў адну – Смаргонскі раён.

Геаграфічнае становішча Смаргонскага раёна наступнае: крайнія пункты размяшчаюцца: паўночны – в. Хацілкі Вішнеўскага сельсавета (54º 50' пн.ш. і 26º 15' у.д.); паўднёвы – в.Качаны Крэўскага сельсавета (54º 12' пн.ш. і 26º 19' у.д.); усходні – в.Навасёлкі Войстамскага сельсавета (54 º 35'  пн.ш. і 26 º 42'  у.д.), заходні – ускраіна в.Скірдзімы Крэўскага сельсавета (54º 21' пн.ш. і 54º 11' у.д.) , а цэнтр раёна – г.Смаргонь – (54º 29'  пн.ш. і 26º 23'  у.д.). Найбольшая працягласць тэрыторыі раёна з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад складае 68 кіламетраў.

Тэрыторыя раёна, як і ўся Рэспубліка Беларусь, размешчана ў другім гадзінным поясе. Па памерах раён большы за шэсць дзяржаў Еўропы, тры дзяржавы Азіі, тры дзяржавы Афрыкі, пятнаццаць дзяржаў Амерыкі і чатырнаццаць дзяржаў Аўстраліі і Акіяніі .

Смаргонскі раён займае выгаднае геаграфічнае становішча ў даўно заселенай і добра асвоенай частцы Гродзенскай вобласці і Беларусі ў цэлым, блізка ад развітых прамысловых цэнтраў. Адлегласць да сталіцы – г.Мінска – 115 кіламетраў, да абласнога цэнтра – г.Гродна – 260 кіламетраў. Праз Смаргонь праходзяць чыгунка і аўтамабільная дарога “Мінск-Вільнюс-Рыга-Талін”. Працягласць чыгункі па тэрыторыі раёна складае 30 кіламетраў. Ёсць тры чыгуначныя станцыі: Смаргонь, Залессе, Солы.

У Смаргонскім раёне адкрыта 35 аўтобусных маршрутаў, з іх 10 гарадскіх, 32 прыгарадных і 8 міжгародніх. Аўтобусным абслугоўваннем ахоплена 74,8% населеных пунктаў раёна (01.01.2007г.).

Электрасувязь ажыццяўляе раённы вузел. У раёне функцыянуюць шэсць гарадскіх і 21 сельская аўтаматычная тэлефонная станцыя агульнай ёмістасцю 14005 нумароў, у тым ліку 3073 нумары ў сельскай мясцовасці. Шчыльнасць забеспячэння тэлефонамі на 100 жыхароў у горадзе складала 36,8%; у сельскай мясцовасці – 23% (на 01.07.2007г.).

Паштовае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе раённы вузел паштовай сувязі праз 32 аддзяленні сувязі і “Оксна ТБ”.

У раёне выдаецца мясцовая газета “Светлы шлях”, працуе мясцовае радыёвяшчанне і кабельнае тэлебачанне.

Выгаднасць эканоміка-геаграфічнага становішча заключаецца ў размяшчэнні бліз Смаргонскага раёна транспартных шляхоў з цэнтральных раёнаў Расіі ў Заходнюю Еўропу, з паўднёвых раёнаў Расійскай Федэрацыі ў Прыбалтыку: Літву, Латвію і Эстонію, Калінінградскую вобласць Расіі.

Праз Смаргонскі раён здаўна праходзіць важнейшы шлях, які звязвае Расію з Заходняй Еўропай.

 

2. Геалагічная будова, карысныя выкапні і рэльеф.

 

Смаргонскі раён займае заходнюю частку Усходне-Еўрапейскай або Рускай раўніны, якая ў геалагічных адносінах уяўляе сабой платформу. Асадкавыя пароды тут залягаюць тоўстым слоем. Сярод іх ёсць вапнякі, розныя пяскі, гліны і суглінкі. Такія пароды адкладаліся на дне старажытных мораў на працягу мільёнаў гадоў. Фундамент платформы складаюць асадкавыя і іншыя крышталічныя пароды – граніты, гнейсы і кварцыты.

Тэрыторыя раёна ляжыць на падземным узвышшы, якое называюць у геаграфіі Беларускай антэклізай (падняццем). Глыбіня залягання фундамента – 250-500 метраў.

Пароды фундамента сфарміраваліся разам з усёй тэрыторыяй Беларусі ў архейскую і пратэразойскую эры каля 2,3-3,0 млрд. гадоў таму назад.

Вывучэнне геалагічнай будовы Смаргонскага раёна дазваляе сцвярджаць, што яго нетры зямлі маюць запасы будаўнічых матэрыялаў – пяску, гліны, камянёў. Ёсць таксама тарфяныя балоты, якія выкарыстоўваюцца для фарміравання кампостаў – арганічных угнаенняў для палёў.

Беларускі мел шырока выкарыстоўваюць для вытворчасці вапны на вытворчым аб’яднанні ТАА “Смаргоньсілікатабетон”. Вапна прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу школьных мялкоў, а ў сумесі з глінай – на выраб цэменту. На тэрыторыі раёна размяшчаецца дзесяць радовішчаў пясчана-жвіравых матэрыялаў (Сінькі, Катрынова, Лысая Гара), а таксама запасы гліны, прыгодныя для вырабу цэглы, чарапіцы, абліцовачных пліт, посуду і іншых рэчаў. Вытворчасць гліняных рэчаў была здаўна наладжана ў вёсках Мілідаўшчына і Крэва нашага раёна.

Шырока распаўсюджаны на Смаргоншчыне будаўнічыя пяскі, некаторыя віды якіх ідуць на выраб шкла. У азёрах раёна маюцца запасы сапрапелю (воз.Рыжае, Глушча, Свірскае).

Для разведкі карысных выкапняў і вывучэння ўжо адкрытых месцанараджэнняў сёння выкарыстоўваецца навейшая тэхніка. З яе дапамогай геолагі даведваюцца аб будове глыбінных слаёў зямлі і высвятляюць, дзе і якія выкапні могуць залягаць.

З геалагічнай будовай цесна звязаны рэльеф Смаргонскага раёна. Роўныя мясціны паўночнай часткі раёна чаргуюцца з узгорыстымі. Месцамі ўзгоркі дасягаюць значнай вышыні, як, напрыклад, Крэва, куды даходзіць Ашмянская града.

Вялікі ўплыў на рэльеф Смаргонскага раёна зрабілі старажытныя ледавікі, якія рухаліся са Скандынаўскага паўвострава на паўночны захад Рускай раўніны і прынеслі з поўначы велізарныя камяні, гальку, перамешаныя з пяском і глінай. Такія ледавіковыя адкладанні называюць марэнай, а рэльеф, створаны ледавіком – марэнным рэльефам. На тэрыторыі раёна размяшчаюцца і ледавіковыя формы рэльефу. Па меры таго, як ледавік таяў, вада збіралася ў паніжэннях паміж узгоркамі. Так узнікалі ледавіковыя азёры, якія паступова заносіліся пяском, зарасталі травой і ператвараліся ў балоты. Ледавікі то насоўваліся, то зноў адступалі. Апошні ледавік не заняў усёй плошчы Беларусі, таму на поўначы ледавіковых узгоркаў больш і захаваліся яны лепш. Каля паўднёвага краю апошняга ледавіка ўтварыўся высокі ланцуг марэнных узгоркаў, які называюць Беларускай градой. Яна цягнецца ўздоўж паўднёвага захаду на паўночны ўсход і складаецца з асобных узвышшаў. На тэрыторыю Смаргонскага раёна заходзіць Ашмянская града – ваколіцы вёскі Крэва, так званая Мілідаўская гара (вышыня 320м). Гэта і ёсць найвышэйшы пункт Смаргонскага раёна, а самым нізкім з’яўляецца ўрэз ракі Вілія на поўначы раёна – 120м. Глыбіня расчлянення рэльефу ад двух метраў на кіламетр квадратны на Нарачана-Вілейскай раўніне, да 35 метраў на кіламетр квадратны – на Ашмянскім узвышшы.

На тэрыторыі раёна выдзяляюць тры геамарфалагічныя зоны: Свірская краявая ледавіковая града, Вілейская марэнна-водна-ледавіковая нізіна і Ашмянская краявая ледавіковая града. У цэлым рэльеф Смаргонскага раёна прыдатны для гаспадарчай дзейнасці. Роўныя або ўзгорыстыя прасторы прыдатныя для разворвання, будаўніцтва дарог, заводаў, населеных пунктаў. Праўда, у некаторых месцах узгоркі ўсыпаны буйнымі валунамі. Ёсць яшчэ і забалочаныя мясціны, яры, якія размясціліся на поўначы раёна, на тэрыторыі Вішнеўскага і Жодзішкаўскага сельскіх Саветаў.

Буйныя прыродныя межы на Смаргоншчыне не назіраюцца, а водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў у рэльефе выяўляецца слаба. Адлегласць да Чорнага мора – 925 кіламетраў, а да Балтыйскага мора – 360 кіламетраў. Адрозненні ў глебавым покрыве і расліннасці вызначаюцца перш за ўсё дэталямі рэльефу (мікрарэльефам) – невялікімі лагчынамі, паніжэннямі і невысокімі ўзгоркамі, напрамкам схілаў.

3. Клімат.

 

На клімат Смаргонскага раёна робіць уплыў многа фактараў: геаграфічная шырата, асаблівасці цыркуляцыі атмасферы, характар рэльефу. Раён, як і ўся Беларусь, размешчаны ва ўмераных шыротах, якія характарызуюцца ўмераным кліматам. Тут значна цяплей, чым на тэрыторыі Мядзельскага раёна, але халадней, чым на тэрыторыі Валожынскага раёна. Дастатковая колькасць сонечнага цяпла стварае добрыя ўмовы для развіцця жывых арганізмаў і складае 85-95 ккал на квадратны сантыметр.

На клімат раёна ўплываюць вільготныя паветраныя масы, якія ідуць з Атлантычнага акіяна. Яны змякчаюць зімовыя маразы і памяншаюць летнюю спякоту.

З усходу на тэрыторыю раёна прыходзяць сухія кантынентальныя паветраныя масы, якія прыносяць зімой моцныя маразы, а летам – гарачае і сухое надвор’е, але на Смаргоншчыне пераважае перанос паветраных мас з захаду, таму Балтыка робіць значны ўплыў на клімат Смаргонскага раёна. Зіма на тэрыторыі раёна цяплейшая, чым у паўднёвых раёнах Гродзеншчыны. Значна радзей прыходзіць на тэрыторыю раёна арктычнае паветра. Яно заўсёды прыносіць пахаладанне. Яшчэ радзей пранікае на тэрыторыю трапічнае паветра, як напрыклад, у ліпені месяцы 2006 года і жніўні 2007 года.

Наогул, працяглыя перыяды трапічнай гарачыні з’яўляюцца рэдкасцю для ўсёй Беларусі. У сярэднім яна здараецца адзін раз у пятнаццаць гадоў.

Рэльеф раёна не мае гор, якія перашкаджалі б перамяшчэнню паветраных мас, таму кліматычныя адрозненні ў асобных частках выражаны слаба, аднак назіраюцца. У напрамку на поўдзень так званая Крэўская тэрыторыя з больш узвышанай паверхняй стрымлівае сельскагаспадарчыя работы прыкладна на 5-7 дзён, таму што зніжэнне тэмпературы тут назіраецца на 0,5-0,7˚С. У гэтым напрамку на ўсход марозы крыху ўзмацняюцца.

Смаргонскі раён атрымлівае дастаковую колькасць ападкаў. У сярэднім за год выпадае 650-670 мм. Каэфіцыент увільгатнення блізкі да “1” і складае – 0,9-1,0 мм. Летам ападкі выпадаюць у выглядзе кароткіх ліўневых дажджоў. Паверхня рэльефу пад гарачымі прамянямі сонца хутка высыхае. Увосень ападкаў выпадае значна менш і яны выпадаюць у выглядзе дробнага імжыстага дажджу. У гэту пару года сонца праглядае радзей, зямля не паспявае прасыхаць. Таму восень лічыцца самай сырой парой года, хаця ападкаў больш за ўсё выпадае летам. Сярэднегадавая тэмпература раёна складае +15,5˚С, сярэдняя тэмпература студзеня – 6,8, ліпеня – +17,6˚С, а на поўдні раёна, на Ашмянскай градзе – в.Мілідаўшчына, адпаведна +7,3˚С і +17ºС.

Ападкі размяркоўваюцца па месяцах нераўнамерна, што перашкаджае развіццю сельскай гаспадаркі. Вельмі патрэбна вільгаць у маі-чэрвені, у час хуткай вегетацыі раслін, а калі ападкаў у гэтыя месяцы выпадае мала, то расліннасць адчувае недахоп вільгаці. Вегетацыйны перыяд складае 189 сутак. Зімой ападкі выпадаюць звычайна ў выглядзе снегу. Ужо ў снежні ўтвараецца суцэльнае покрыва. Снег ахоўвае глебу ад моцнага прамярзання, а вясной напаўняе яе расталай вадой. Найбольш магутнае покрыва дасягае ў канцы зімы, таўшчыня снегу дасягае 30-40 см на поўначы, а на паўднёвым усходзе да 10см.

На тэрыторыі раёна добра выражана змена пораў года, звязаная са змяненнем вышыні Сонца над гарызонтам і працягласцю дня. У чэрвені-ліпені Сонца ўзыходзіць на паўночным усходзе, у поўдзень высока ўзнімаецца над гарызонтам і заходзіць на паўночным захадзе. Шлях Сонца летам вельмі вялікі, і таму працягласць дня даходзіць да 17 гадзін, а найбольшая вышыня Сонца складае 59,5°С. Зімой Сонца ўзыходзіць на паўднёвым усходзе, узнімаецца ў поўдзень невысока над гарызонтам і заходзіць на паўднёвым захадзе. Шлях Сонца зімой кароткі, таму снежаньскі дзень складае прыкладна нямнога больш за 7 гадзін, а найбольшая вышыня Сонца складае ўсяго 12,5°С. Са зменай пораў года звязаны змяненні ў раслінным і жывёльным свеце.

Зіма прыходзіць у Смаргонскі раён у канцы лістапада або пачатку снежня і працягваецца каля чатырох месяцаў. У гэты час чарнее апалае лісце, зямля прамярзае, азёры і рэкі пакрываюцца лёдам, мяккі пушысты снег акутвае зямлю белай коўдрай. Таму ў снежні мала ясных дзён, стаіць пахмурнае надвор’е з невялікімі маразамі. Больш за ўсё тэмпература зніжаецца ў студзені. Маразы трымаюцца ў межах ад -5°С-10°С, а часам даходзяць да -35°С. У час моцных маразоў на тэрыторыі раёна церпяць непагоду сады, а часам і азімыя пасевы. Аднак так доўга не бывае: зімой часта пачынаюцца адлігі, якія прыходзяць разам з цыклонамі. Тады тэмпература падымаецца вышэй за нуль, снег растае, часам ідзе дождж. Вялікі ўплыў на Смаргонскі раён аказваюць вільготныя вятры Балтыкі. Апошні месяц зімы – люты. У гэты сезон выдаецца больш ясных дней. Сонца ўзнімаецца вышэй, але маразы яшчэ моцныя, нездарма называюць гэты месяц “люты”.

Першыя прыкметы вясны на тэрыторыі Смаргоншчыны з’яўляюцца ўжо ў пачатку сакавіка. Сонца грэе па-веснавому, на палях паяўляюцца праталіны, удзень цёпла, ноччу трымаецца яшчэ моцны мароз. У канцы месяца пачынаецца рух соку ў клёна і бярозы, таму і назва месяца “сакавік”. У гэты час прылятаюць шпакі, пачынаецца крыгалом. У красавіку сыходзіць снег, на схілах прабіваецца трава, праходзяць першыя веснавыя дажджы, разліваюцца рэкі Вілія, Оксна, Гервятка, Ашмянка, Драй, Бяла, а на поўдні, каля вёскі Пераходы, –  рака Бярэзіна.

Зацвітае вярба, набухаюць пупышкі на дрэвах, з’яўляюцца першыя веснавыя кветкі: падбел, пралеска, кураслеп, сон-трава. Абуджаюцца пасля зімовага сну пчолы, з’яўляюцца ластаўкі.

У маі тэмпература пачынае расці ад +10°С да +20°С і больш. Май – апошні веснавы месяц: цвітуць сады, палі апранаюцца ў зялёнае ўбранне, квітнеюць чаромха, каштаны, бэз. Абуджаюцца насякомыя: мурашкі, жукі, вусені. У лясах чуваць спевы птушак. На палях пачынаюцца пасяўныя работы.

Але вясна прыходзіць неадначасова. Раней цёплыя дні наступаюць на тэрыторыі Вішнева, Сыраватак, бліжэй да Смаргоні, а на “Крэўскай тэрыторыі” – пазней, і розніца складае 5-7 дзён. Нярэдка ў маі на тэрыторыю раёна ўрываюцца арктычныя паветраныя масы, а раніцай назіраюцца маразы, якія шкодзяць садам і агародам. Пасевы патрабуюць дажджоў.

Лета – самая цёплая пара года. Ад гэтага сезона залежыць ураджай палёў і садоў. Тэмпература трымаецца +18- +25°С, але часам падымаецца да +30°С і вышэй, напрыклад у ліпені 2006 года і жніўні 2007 года. Летняе надвор’е няўстойлівае. У гарачыя дні па ясным небе плывуць беласнежныя воблакі. Апоўдні іх становіцца больш, а бліжэй да вечара воблакі знікаюць, вецер сціхае. Але сухое і цёплае надвор’е не трымаецца доўга. Яно часта змяняецца зацяжнымі дажджамі, якія звычайна прыходзяць разам з заходнімі вятрамі. У дажджлівыя дні расліны церпяць ад недахопу цяпла і лішку вільгаці. Дажджы перашкаджаюць сенакашэнню і ўборцы збожжа. Сярэдзінай лета лічыцца ліпень. У гэтым месяцы цвіце ліпа, адсюль назва месяца. У апошнім месяцы лета поўным ходам ідзе жніво, таму месяц і называецца “жнівень”. Пачынаецца сезон збору агародніны, ягад, грыбоў.

Восень наступае ў верасні. У пачатку месяца яшчэ цёпла, але ўраджай ужо зняты, пералётныя птушкі адляцелі. Ночы становяцца халаднейшымі і даўжэйшымі, у лесе на палянах цвіце верас, адсюль і назва месяца. З канцом месяца становіцца халадней, ідуць дажджы. З палёў убіраюць бульбу, буракі, сеюць азімыя. У канцы верасня або ў пачатку кастрычніка здараюцца цёплыя сонечныя дні. Неба без воблакаў і блакітнае, ветру няма. Таполі, вербы, дубы яшчэ зялёныя, а з клёнаў і бяроз ужо падае жоўтае лісце. У кастрычніку дрэвы губляюць лісце, а халады мацнеюць. У канцы лістапада выпадае снег.

Некаторы ўплыў на клімат Смаргонскага раёна робіць рэльеф. Напрыклад, на Крэўскім узвышшы вясна спазняецца, а восень прыходзіць крыху раней і ападкаў выпадае больш, чым на поўначы. У паніжэннях рэльефу і на балотах здараюцца веснавыя і асеннія замаразкі. Гэта назіраецца ў акрузе вёсак Вішнева, Лылойці, Сыраваткі, Жодзішкі, Войстам.

Надвор’е на тэрыторыі Смаргонскага раёна няўстойлівае. Поры года змяняюцца не заўсёды ў адзін і той жа час. Гэта адбываецца пад уплывам заходніх вятроў і халодных кантынентальных мас, а часам і ад арктычных паветраных мас. Пад уплывам Атлантычнага акіяна і заходніх вятроў зіма на Смаргоншчыне мяккая, з няўстойлівым снежным покрывам. Неспрыяльныя ўмовы бываюць не так часта. Увогуле клімат спрыяльны для сельскай гаспадаркі і жыцця людзей. Новая тэхніка і сучасныя тэхналогіі памяншаюць уплыў неспрыяльных пагодных умоў. Для павышэння ўраджайнасці і росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы важнае значэнне маюць прагнозы надвор’я.

 

4. Унутраныя воды.

Смаргонскі раён мае густую рачную сетку, хаця рэкі невялікія. Жыццё рэк звязана з кліматам, а таму ў нашых рэках добра выражана сезоннасць сцёку. Больш за ўсё вады нясуць нашы рэкі вясной, калі ў іх сцякае талая снегавая вада. Бываюць і разводдзі пры дружнай вясне. Тады поймы запаўняюцца вадой, а часам падыходзяць да паселішчаў. У гэты час рэзка павялічваецца расход вады і ўзрастае цвёрды сцёк. У сярэдзіне лета, пасля моцных дажджоў, узровень вады можа павысіцца. Гэта з’ява называецца паводкай.

Зімой рэкі Вілія, Оксна, Гервятка, Ашмянка, Драй, Бяла і іншыя пакрываюцца лёдам. У гэты час вады ў іх мала і жывяцца яны грунтовымі водамі. Пры ранняй зіме рэкі Смаргоншчыны пакрываюцца лёдам ужо ў канцы лістапада. У цёплыя гады ледастаў наступае толькі ў снежні, а пры моцных адлігах на рэках бывае крыгалом.

Вясной ледаход на рэках бывае ў канцы сакавіка або ў красавіку. Нашы рэкі скаваны ільдом на працягу 3,5-4 месяцаў.

Рэкі Вілія, Гервятка, Оксна сталі важным фактарам для развіцця горада. На рэках Бяла былі пабудаваны тры млыны: ля вёсак Пасынкі, Дракі (Вясенняя) і Байбы (Ціціна).

Рэкі цякуць павольна і плаўна, запасы энергіі нязначныя. Для суднаходства яны непрыгодныя на ўсім працягу.

 

image5

 

 

 

 

 

 

 

 

        

р.Вілія

 

Рэкі Смаргонскага раёна адносяцца да басейна ракі Нёман, важнейшым прытокам якой з’яўляецца р.Вілія. Гэта рака бярэ пачатак каля вытокаў Бярэзіны, працякае па маляўнічай азёрнай мясцовасці і ўпадае ў Нёман.

Ёсць на тэрыторыі Смаргонскага раёна азёры і балоты. Больш за ўсё іх у паўночнай частцы, напрыклад Вішнеўскае возера.

Рака Вілія нясе свае воды ў самае вялікае па плошчы на Беларусі Вілейскае вадасховішча (75кв.км). На тэрыторыі Вішнеўскага, Войстамскага, Жодзішкаўскага сельскіх Саветаў размяшчаюцца балоты, якія адыгрываюць ролю ў жыўленні рэк і азёр, служаць крыніцай для водазабеспячэння гарадоў і вёсак. Многія балоты асушаны, а на іх тэрыторыі вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры, асабліва шматгадовыя травы.

Водныя рэсурсы Смаргоншчыны маюць вялікае народнагаспадарчае значэнне, патрэба ў вадзе пастаянна расце. Шмат яе спажываюць прамысловыя прадпрыемствы Смаргоні, насельніцтва горада і раёна.

 

5. Глебы, раслінны і жывёльны свет.

 

На тэрыторыі раёна найбольш прадстаўлены дзярнова-падзолістыя глебы. Яны ўтварыліся ва ўмовах вільготнага, умеранага клімату, лясной расліннасці і травяністага покрыва. Апаўшае лісце і рэшткі раслін хутка перагніваюць і ператвараюцца ў глебавы перагной. Трэба адзначыць, што ў дзярнова-падзолістых глебах перагною мала. Ён збіраецца ў верхнім слоі глебы і надае яму цёмны колер і называецца перагнойным. Яго таўшчыня складае 16-21 см. Пажыўныя рэчывы больш за ўсё змяшчаюцца ў перагнойным слоі, а пад ім ляжыць светла-шэры падзолісты слой, які нагадвае па колеру попел. Гэты слой вельмі бедны пажыўнымі рэчывамі. Таўшчыня яго невялікая, але бывае дасягае 15 см і больш. Ніжэй знаходзіцца трэці слой – слой накаплення, у якім адкладаюцца некаторыя рэчывы, вымытыя вадой з верхніх слаёў глебы. Пад слоем накаплення ляжыць мацярынская парода. Глебы Смаргонскага раёна бедныя на калій, азот і фосфар, таму для атрымання высокіх ўраджаяў гэтыя хімічныя элементы патрэбна ўносіць у глебу ў дастатковай колькасці. Дзярнова-падзолістыя глебы маюць кіслую рэакцыю, г.зн. утрымліваюць раствораныя кіслоты, шкодныя для многіх раслін. З кіслай глебы лёгка вымываюцца пажыўныя рэчывы і глеба хутка траціць сваю ўрадлівасць. Таму ў кіслыя глебы трэба ўносіць вапну, якая знішчае кіслотнасць. Вапнаванне садзейнічае накапленню перагною і захаванню ў глебе пажыўных рэчываў. На тэтыторыі Смаргонскага раёна супясчаныя глебы складаюць 57,1%, а пясчаныя – 7,7%. Такія глебы лёгка прапускаюць ваду, якая хутка выносіць з супясчанай глебы пажыўныя рэчывы. Таму перагнойны слой у іх невялікі, а глебы бедныя пажыўнымі рэчывамі і вільгаццю і не кожная расліна можа тут расці. На супясчаных глебах Смаргоншчыны растуць сасна, верас, чабор, крываўнік і іншыя расліны. У вільготныя гады на такіх глебах атрымліваюць добрыя ўраджаі бульбы, лубіну. Пясчаныя і супясчаныя глебы больш распаўсюджаны на тэрыторыі Сінькоўскага, Крэўскага, Залескага, Сольскага сельскіх Саветаў.

Другімі тыпамі глебаў раёна з’яўляюцца гліністыя (9,1%), сугліністыя (26,1%), якія даўжэй утрымліваюць вільгаць і лепш захоўваюць пажыўныя рэчывы. У вільготныя гады на такіх глебах застойваецца вада, якая прыводзіць да забалочвання. Перагнойны слой у дзярнова-падзолістых і гліністых глебах таўсцейшы, чым у пясчаных, а падзолісты танчэйшы, часам і непрыкметны.

На гліністых глебах часцей растуць ёлкі, дуб і граб. На тэрыторыі Смаргонскага раёна апошніх відаў не вельмі шмат. На гэтых глебах можна атрымліваць добрыя ўраджаі ільну, буракоў, канюшыны і збожжавых культур. Гліністыя глебы сустракаюцца ў Крэўскім, Сінькоўскім сельскіх Саветах, г.зн. на паўдневым усходзе, поўдні і ўсходзе раёна. Трэба адзначыць, што распаўсюджаныя на нашай тэрыторыі супясчаныя і сугліністыя дзярнова-падзолістыя глебы ўтрымліваюць лесавідныя пароды, якія добра прапускаюць ваду. Такія пароды ў час ліўняў размываюцца, змываецца іх верхні перагнойны слой і ўтвараюцца яры. Для аховы такіх глебаў патрэбна папярочнае разворванне схілаў, замацаванне іх хмызнякамі і дрэвамі. Такія лесападобныя пароды сустракаюцца ў Крэўскім і Сінькоўскім сельскіх Саветах. Вялікую перашкоду апрацоўцы глебы прыносяць камяні, якіх шмат па ўсёй тэрыторыі раёна і больш за ўсё на супясчаных і сугліністых глебах. Распаўсюджаны ў Смаргонскім раёне і тарфяна-балотныя глебы, якія займаюць паніжаныя, вільготныя месцы. Верхні слой іх складаецца з чорнага мокрага торфу. Рэшткі раслін у ім перагніваюць вельмі доўга. Таўшчыня яго розная – ад 10 см да 1 метра. У тарфяніку відаць карані і сцябліны балотных раслін, карычневыя рэшткі імхоў, асакі, трыснягу, чароту. Пад тарфяным слоем размяшчаецца ніжні слой шэрага колеру. На паветры ён іржавее і з яго часам выцякаюць маленькія ручайкі з іржавай вадой, якая мае непрыемны пах. У тарфяна-балотных глебах шмат азоту, фосфару і калію, але не ўсе расліны іх засвойваюць, таму што тарфянікі перанасычаны вільгаццю і неспрыяльныя па структуры і паветранаму рэжыму, а таксама ўтрымліваюць шкодныя для раслін кіслоты. Многія патрэбныя раслінам рэчывы знаходзяцца ў цяжказасваяльным выглядзе. У іх мала калію, многа вільгаці. Яшчэ бяднейшыя тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу, але яны таксама даюць ураджаі збожжавых, буракоў і агародніны. Найбольш распаўсюджаны тарфяна-балотныя глебы на поўначы Смаргонскага раёна: у Вішнеўскім, Жодзішкаўскім, Сольскім сельскіх Саветах. Адзначым і пойменна-лугавыя глебы, якія сустракаюцца ўздоўж рэк Віліі, Ашмянкі, Бярэзіны і іх прытокаў. Яны маюць магутны перагнойны слой, у якім бачны асобныя праслойкі, утвораныя ў час разводдзяў ад наносаў. Ніжэй перагнойнага слою ляжыць слой накаплення, пад якім залягае мацярынская парода. Пойменна-лугавыя глебы ў раёне заняты лугамі, але, разараўшы іх, атрымліваюць высокія ўраджаі буракоў, агародніны і іншых культур. Пры вялікай колькасці ападкаў такія глебы забалочваюцца, іх патрэбна асушаць і паляпшаць. Звярніце ўвагу на асноўныя тыпы глебаў Смаргонскага раёна.

image8Трэба адзначыць, што глебавыя адрозненні на тэрыторыі раёна выражаны слаба, аднак ёсць.

Разрэзы тыпаў глебаў Смаргонскага раёна

 

Каб палепшыць ураджайнасць палёў, трэба дакладна ведаць, якіх рэчываў у глебе не хапае. Таму глебы раёна вывучаюць спецыялісты: глебазнаўцы, аграхімікі, гідролагі, меліяратары. Пры правільных адносінах да пералічаных тыпаў глебы можна атрымаць высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур, што і ўдаецца большасці СВК раёна.

Глеба – адно з важнейшых прыродных багаццяў. Яе трэба берагчы, паляпшаць яе ўрадлівасць, інакш яна траціць сваю структуру: змываецца верхні слой, адбываецца працэс эрозіі глебы. Асушэнне забалочаных зямель, барацьба з эрозіяй, ачыстка ад камянёў, снегазатрыманне паляпшаюць структуру глебы, павышаюць яе ўрадлівасць.

Раслінны і жывёльны свет на тэрыторыі Смаргонскага раёна багаты і разнастайны. Яму спрыяе клімат. Яшчэ ў далёкім мінулым тэрыторыя была пакрыта лясамі, балотамі з адпаведнай флорай і фаўнай. Адрозніваюць прыродную і культурную расліннасць. Да прыроднай адносяцца лясы, лугі, балоты, да культурнай – пасевы, сады і паркі. Асноўныя прадукты харчавання даюць нам культурныя расліны. Лясы даюць драўніну, ачышчаюць паветра, уплываюць на клімат, служаць месцам адпачынку, збору грыбоў і ягад. Лугі і балоты выкарыстоўваюцца для сенакашэння, пад пашу і г.д.

Смаргонскі раён, як і ўся Беларусь, размяшчаецца ў лясной зоне. У лясах пераважаюць хваёвыя пароды – сасна і елка. Сасна расце на малаўрадлівых глебах. У сасняках растуць чарніцы, верас і іншыя расліны.

image9Елка на Смаргоншчыне сустракаецца радзей. Яна любіць больш урадлівыя, шчыльныя, гліністыя глебы. Яловыя лясы больш густыя, цёмныя і цяністыя.

 

Сасновы бор

                        Бярозавы гай

 

image10З дробналісцевых парод пашыраны бяроза, асіна і вольха. Яны не ўтвараюць вялікіх лясных масіваў і растуць ля рэк, дзе больш вільгаці і цяжкая гліністая глеба. Пасля высечак дробналісцевых парод хутка з’яўляюцца маладыя елачкі і сосны, якія выцясняюць сваіх сапернікаў і змешаныя лясы змяняюцца хваёвымі.

Да шырокалісцевых парод на тэтыторыі Смаргонскага раёна адносяцца дуб, клён, ліпа, радзей граб. Дуб часцей расце ў змешаных лясах разам з елкай і вольхай. Граб мала распаўсюджаны, бо не пераносіць моцных маразоў і засухі. Ён расце разам з елкай, вольхай і бярозай. Клён, ліпа, ясень, дзікая яблыня і груша, вяз сустракаюцца ў лясах Смаргоншчыны радзей. Яны растуць у сумесі з іншымі дрэвавымі пародамі, а таксама на лясных палянах і ўзлесках.

Сустракаецца на тэрыторыі раёна і балотная расліннасць. Балоты падзяляюцца на тры тыпы: верхавыя, пераходныя і нізінныя. На нашай тэрыторыі больш распаўсюджаны верхавыя балоты. Балоты выкарыстоўваюцца для здабычы торфу, для выпасу жывёлы, у якасці пашы і сенажацяў. Балотная расліннасць – дрэнны корм для жывёлы. Асушэнне балот ад залішняй вільгаці прыводзіць іх да змены расліннасці і ператварэння ў лугі: заліўныя ці сухадольныя. Па далінах рэк растуць асака, конскае шчаўе, незабудкі, валяр’яна, а далей – палявыя васількі, аўсяніца лугавая, смолка, гусіная лапка, званочкі, крываўнік. Паніжэнне поймы займаюць зараснікі хмызняку – парэчкі, вярба, чаромха, крушына, барбарыс.

Лугі – вельмі каштоўныя ўгоддзі, таму што лугавое сена – лепшы корм для жывёлы.

У лясах і на лугах нашага раёна растуць лекавыя травы: валяр’яна, чарніцы, купальніца, крываўнік, ландыш майскі, чамярыца, крушына, дурман, блёкат, зверабой, шыпшына, рамонак аптэчны, кмен. У адных лекавых раслін выкарыстоўваецца лісце, у другіх – суквецці і насенне, у трэціх – карэнні. Для кожнай расліны ёсць свой тэрмін збору.

Разнастайная і культурная расліннасць Смаргоншчыны: жыта, ячмень, пшаніца – збожжавыя; бульба, буракі – прапашныя, канюшына чырвоная, люцэрна, цімафееўка, лісахвост – кармавыя расліны.

image11Нельга ўявіць нашы палі без ільну, лубіну, кукурузы на корм. Распаўсюджаны разам з культурнымі раслінамі і пустазелле: васількі, сурэпка, рамонак, пырнік паўзучы, лебяда, асот. Цяпер прымяняюцца эфектыўныя сродкі барацьбы з імі.

У нас распаўсюджаны і ядавітыя расліны.

 

Ядавітыя расліны:

 1-блёкат звычайны,

2-цыкута ядавітая.

 3-паслён чорны

Найбольш распаўсюджанымі пладовымі дрэвамі з’яўляюцца яблыні, грушы, слівы, вішні.

На Смаргоншчыне шмат паркаў, сквераў з магутнымі дубамі, стройнымі таполямі, клёнамі, каштанамі і вязамі. Мы ганарымся захаваўшыміся старыннымі паркавымі сядзібамі ў Залессі, Кушлянах, Лылойцях, Дабраўлянах.

Расліннасць Смаргоншчыны змяняецца па сезонах, ад гэтага змяняецца ўвесь пейзаж. Вясной – шмат зелені, летам – кветак і пахаў, увосень радуе жоўтае ўбранне лясоў і зеляніна азімых усходаў на палях.

Жывёльны свет Смаргоншчыны багаты і разнастайны. Ён фарміраваўся на працягу доўгага геалагічнага часу. Аб гэтым сведчаць рэшткі жывёл. У далёкім мінулым тут жылі дзікія быкі-туры, зубры, бабры. Яны давалі нашым продкам футра, мяса, шкуры. Паступова жывёльны свет бяднеў ад разоранасці і росту насельніцтва. Адны жывёлы зніклі, другія захаваліся, а некаторыя знаходзяцца пад аховай дзяржавы і паляванне на іх забаронена. Сярод жывёл ёсць і шкоднікі палёў, лясоў, агародаў – іх трэба знішчаць. Гэта каларадскі жук, тля, мухі і інш.

У нашых лясах водзяцца дзікі, ваўкі, казулі, лісы, барсукі, зайцы, гарнастаі, ласкі. Сёння ў нашых лясах шмат птушак: дзятлы, салаўі, крыжадзюбы, зязюлі, дразды, сойкі, шпакі, сініцы, сарокі, вароны. У кожнага віда птушак ёсць свае любімыя месцы гнездавання. Адны селяцца ў хваёвых, другія – у лісцевых, а трэція – у змешаных лясах. Ёсць сярод птушак і драпежнікі: совы, каршуны. Зімаваць у лесе застаюцца толькі нямногія птушкі, большасць іх адлятае на поўдзень, а некаторыя набліжаюцца да жылля чалавека.

У нашых лясах сустракаюцца і паўзуны. Гэта гадзюкі, яшчаркі, вужы.

Распаўсюджаны і насякомыя: мурашкі, жукі, матылькі, мухі. Сярод іх ёсць карысныя (мурашкі, пчолы), шкодныя (жукі-караеды, вусачы, шаўкапрады). Птушкі з’ядаюць шкоднікаў, таму знішчаць і разбураць іх гнёзды нельга. Птушкі – сябры чалавека і лесу.

Жывёльны свет вадаёмаў і балот цесна звязаны з вадой. На рэках Смаргоншчыны жывуць невялікімі сем’ямі бабры, выдры, андатры, норкі, вадзяныя пацукі. На рэках і азёрах і каля іх многа водных птушак: чайкі, ластаўкі, качкі, кнігаўкі, буслы. Яны водзяцца там, дзе можна знайсці сабе ежу: лягушак, вужоў, гадзюк.

Вадаёмы Смаргоншчыны багаты рыбай. Гэта лешч, плотка, карп, карась, акунь. Некаторыя з іх маюць прамысловае значэнне.

У жыцці жывёл таксама выражана сезоннасць. Вясной прылятаюць гракі, шпакі, буслы, качкі. Летам у жывёл многа клопату: гнездаванне, вывад птушанят, нарыхтоўка корму на зіму. У траве працуюць мурашкі.

У сувязі з пашырэннем разворвання зямель і асушэннем балот колькасць дзікіх жывёл стала памяншацца. Аднак ахоўныя мерапрыемствы дзяржавы дазволілі многім відам жывёл захавацца.

 

6. Прыродныя адрозненні і ахова прыроды.

 

Прырода-крыніца жыцця людзей. Мы дыхаем паветрам, харчуемся, карыстаемся вадой, збіраем расліны, палюем на жывёлу, здабываем багацці зямных нетраў. Прырода здаўна служыла чалавеку і працягвае служыць сёння. У далёкім мінулым чалавек менш браў ад прыроды і амаль яе не змяняў. Не было гарадоў, вялікіх паселішчаў, чыгунак, фабрык і заводаў, шахтаў і электрастанцый, ён не ведаў космасу і атамнай энергіі. Нашым продкам здавалася, што багаццям прыроды не будзе канца. Пачалі пашыраць пасевы, выпальваць лясы, апрацоўваць глебу, пачалі знікаць рэдкія жывёлы. З ростам насельніцтва, з развіццём тэхнікі звязаны і разбуральныя негатыўныя працэсы ў прыродзе.

Наша дзяржава і ўрад з першых гадоў Савецкай улады надае вялікую ўвагу ахове прыроды і беражліваму выкарыстанню яе багаццяў. Прыняты Закон аб ахове прыроды. Ён павінен строга выконвацца ўсімі грамадзянамі, а паветра, вада, глебы, нетры зямлі, раслінны і жывёльны свет – ахоўвацца. Багацці прыроды павінны разумна выкарыстоўвацца і абнаўляцца.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абавязвае кожнага грамадзяніна ахоўваць прыроднае асяроддзе (арт.55 Канстытуцыі РБ).

Асаблівая ўвага ў Смаргонскім раёне надаецца ахове паветра ад забруджвання. Паветра – першая ўмова жыцця на Зямлі. Чалавек можа пражыць некалькі дзён без ежы, але без паветра не пражыве і пяці хвілін. Нездарма аб самых важных рэчах гавораць: Гэта нам патрэбна як паветра.

На прамысловых прадпрыемствах краіны, у тым ліку ў Смаргоні, устаноўлены ачышчальныя збудаванні, што папярэджвае ад забруджвання акружаючага асяроддзя.

Лясы, паркі, зялёныя насаджэнні ачышчаюць яго, паглынаючы вуглякіслы газ і выдзяляючы кісларод. Таму зялёныя расліны – нашы сябры.

У Смаргоні, як і ў ва ўсей дзяржаве працуе служба аховы прыроды, якая выконвае важную дзяржаўную функцыю, кантралюючы ўсе пытанні па ахове навакольнага асяроддзя.

Прамысловыя прадпрыемствы горада Смаргоні маюць спецыяльныя паглынальнікі дыму і газаў, якія затрымліваюць ядавітыя рэчывы і хімічныя элементы. Пячное ацяпленне пераводзіцца на газавае і электрычнае, якое больш экалагічна чыстае.

Яшчэ адной важнай умовай жыцця з’яўляецца вада. Яе патрэбна берагчы ад забруджвання. Галоўнай крыніцай прэснай вады для горада з'яўляецца рака Вілія. Па тэрыторыі раёна працякаюць і невялікія рачулкі, размяшчаюцца крыніцы і штучныя вадасховішчы.

Патрэба ў вадзе з гадамі расце, бо расце колькасць яе спажыўцоў. Гэта не толькі расліны, жывёлы і чалавек, але і прамысловыя прадпрыемствы. Шмат сродкаў ідзе на прыгатаванне прэснай вады, будаўніцтва водаправодаў, якія дастаўляюць ваду ў жылыя дамы і на прадпрыемствы. Таму патрэбна яе берагчы.

Праблемай з’яўляецца зліў нечыстот і прамысловых адходаў, выкідванне смецця. Для іх ліквідацыі патрабуюцца вялікія фінансавыя затраты. Ваду патрэбна эканоміць, ачышчаць брудныя сцёкі, строга сачыць за выкарыстаннем хімічных рэчываў, угнаенняў, ядахімікатаў у сельскай гаспадарцы.

Школьнікі павінны беражліва адносіцца да нашых водных багаццяў, не забруджваць вадаемы, клапаціцца пра чысціню і прыгажосць роднага краю, сачыць, каб не было ўцечкі вады з водаправодных кранаў, калонак, ахоўваць ад забруджвання калодзежы.

Глеба – адна з крыніц нашага багацця, ад яе ўрадлівасці залежыць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур. Многа зямель у Смаргонскім раёне занята пабудовамі, прамысловымі прадпрыемствамі, дарогамі. Таму з глебай трэба абыходзіцца па-гаспадарску, эканомна яе размяркоўваць, берагчы ад размывання, не забруджваць адходамі.

Трэба берагчы і расліннае покрыва. Лясы ачышчаюць паветра, даюць драўніну для будаўніцтва, вырабу мэблі, паперы, ахоўваюць глебу ад размыву. У смаргонскіх лясах шмат дароў прыроды – грыбоў, ягад, арэхаў, што вабіць чалавека, бо бязлесыя мясціны нецікавыя, нудныя.

У гады Вялікай Айчыннай вайны лясы Смаргонскага раёна моцна пацярпелі. Ворагі вывозілі дрэва, знішчалі маладыя пасадкі. Сёння ж лясны фонд абноўлены. У гэтым плане вялікую дапамогу аказваюць школьнікі. Сапраўды, кожны школьнік павінен быць сябрам лесу, берагчы расліны, дапамагаць у работах па азеляненні гарадоў і вёсак Смаргоншчыны. Трэба азеляняць школьныя двары, участкі, вуліцы, ахоўваць расліны ад шкоднікаў.

У Смаргонскім раёне захаваліся рэдкія расліны, якіх мала або амаль няма – баранец звычайны, ландыш майскі, купальніца, першацвет высокі, шпажнік чарапіцавы. Яны занесены ў Чырвоную кнігу.

Водзяцца ў Смаргонскам раёне і рэдкія жывёлы, якія знаходзяцца пад аховай. Трэба, каб кожны школьнік ахоўваў жывёл, рыбных малявак, птушыныя гнёзды, мурашнікі. Трэба актыўна ахоўваць прыроду: развешваць кармушкі для птушак, шпакоўні, дапамагаць жывёле ў час бяскорміцы, моцных маразоў, глыбокага снегу і галалёду.

Да рэдкіх відаў жывёльнага свету ў Смаргонскім раёне адносяцца: барсук, мядзянка, белая курапатка, шэры журавель, белая чапля, арлан белахвост, лебедзь-шыпун.

У Смаргонскім раёне ёсць і ахоўваемыя тэрыторыі: дзяржаўныя заказнікі, у якіх забаронена высечка лесу, касьба траў, паляванне, парушэнне спакою лясных жыхароў. Да іх адносяцца заказнікі рэспубліканскага значэння: “Дубатоўскае”, “Блакітныя азёры”, паркі “Кушлянскі парк”, “Залескі парк імя М.Агінскага”, “Дабраўлянскі парк”.

Прыродныя багацці роднага краю служаць кожнаму з нас, таму мы павінны іх берагчы. Дзеці могуць быць актыўнымі членамі Таварыства аховы прыроды, дапамагаць ёй, быць сапраўднымі патрыётамі сваёй дзяржавы, бо любоў да яе пачынаецца з малой радзімы, месца, дзе ты нарадзіўся і жывеш.

 

7. Насельніцтва і працоўныя рэсурсы.

 

У Смаргонскім раёне на 01.01. 2007 года пражывала 57,5 тыс. чалавек, з іх у горадзе36700 чалавек, а ў сельскай мясцовасці20769 чалавек. Па нацыянальнаму складу беларусы складаюць 83,0%, рускія – 11,5%, украінцы2,4%, палякі – 2,1%, іншыя нацыянальнасці – 1,0%. Больш густанаселенай тэрыторыяй з’яўляецца цэнтр раёна – горад Смаргонь. Нямала беларусаў жыве за межамі нашай дзяржавы. Яшчэ з далекіх гістарычных часоў і будучы ў складзе СССР, многа смаргонцаў выехалі асвойваць новыя землі, будаваць заводы, фабрыкі, працаваць у дзяржаўных і навуковых установах Масквы, С-Пецярбурга і іншых гарадоў былога СССР.

У цяжкія гады вайны і ў часы аднаўлення народнай гаспадаркі многія братнія народы былога СССР, асабліва рускі народ, аказвалі смаргонцам велізарную дапамогу, а некаторыя засталіся тут жыць.

Рост гарадскога насельніцтва тлумачыцца развіццём прамысловасці, міграцыяй і іншымі прычынамі. Смаргонь расце і будуецца па зацверджаных праектах, якімі прадугледжана стварэнне жылых масіваў, будаўніцтва гандлёвых пунктаў, месц адпачынку, азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Горад фарміруецца як прамысловы, адміністрацыйны, культурны цэнтр і транспартны вузел.

У Смаргонскім раёне шмат сельскіх населеных пунктаў, а сёння яны пераўтвараюцца ў аграгарадкі, як, напрыклад, Жодзішкі, Залессе, Солы, Сінькі, Крэва. У кожным з іх працуе сярэдняя школа і дзіцячы садок, сельскі Савет, гандлёвы цэнтр, бібліятэка, Дом культуры, бальніца. Ёсць добраўпарадкаваныя вуліцы, вадапровад, каналізацыя. Змяняецца знешні выгляд сучаснай вёскі і расце колькасць яе жыхароў. Пабудовы ў аграгарадках размяшчаюцца доўгімі радамі ўздоўж вуліц. Перад дамамі разбіты кветнікі. Вясной многія дамы патанаюць у квецені садоў, летам – у зеляніне шматгадовых клёнаў, ліп і каштанаў, восенню – у жоўта-барвовай пазалоце. Самыя вялікія будынкі ў такіх сёлах – гэта школы, клуб, гандлёвы цэнтр. Шмат дамоў у іх з цэглы, вуліцы электрыфікаваны, кватэры радыёфікаваны, ёсць тэлебачанне, паштова-тэлефонна-тэлеграфная сувязь. Усе вёскі звязаны з раённым цэнтрам, горадам Смаргонь аўтобуснымі маршрутамі. Жыццё ў аграгарадках прыбліжана да гарадскога. Аднак месцамі ў раёне захаваліся і дробныя паселішчы, размешчаныя ў нязручных месцах і далёка ад дарог, у іх пражывае мала жыхароў. Тут няма патрэбы будаваць школы, магазіны, бібліятэкі, а таму жыхары абслугоўваюцца аўтамагазінамі, пажылым людзям наладжана сацыяльная дапамога. Дробныя пасяленні, па магчымасці, паступова аб’ядноўваюцца ў буйныя населеныя пункты.

Сёння праца сельскіх жыхароў змянілася ў лепшы бок, дзякуючы высокаэфектыўным сучасным тэхналогіям, механізацыі і аўтаматызацыі працы, але гэты працэс усё ж адводзіць галоўную ролю чалавеку. Ён – творца багаццяў на зямлі.

 

8. Агульная характарыстыка гаспадаркі.

 

Смаргонскі раён – частка вялікай і багатай краіны – Рэспублікі Беларусь. Народная гаспадарка Смаргоншчыны развіваецца на аснове прыродных і эканамічных рэсурсаў усей Беларусі і яе суседзяў, дасягненняў перадавой навукі і тэхнікі. Мы атрымоўваем метал, вугаль, нафтапрадукты, машыны, прылады працы, паперу, кнігі, рыбу і іншыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя вырабы. У той жа час наша гатовая прадукцыя карыстаецца попытам і ідзе за межы раёна, вобласці, рэспублікі. Далёка за межамі Беларусі вядомы нашы міні-трактары, вакуўмныя ўстаноўкі, смаргонскі лён, драўніна і іншыя тавары. Нашы прадпрыемствы падтрымліваюць цесныя сувязі з іншымі, атрымліваюць ад іх запасныя часткі, паўфабрыкаты і самі пастаўляюць ім мноства сваіх вырабаў. У нашым раёне працуюць спецыялісты, падрыхтаваныя не толькі ў беларускіх навучальных установах, а і ў іншых рэгіёнах былога СССР.

Гаспадарка раёна развівалася ў складаных умовах. Вядома, што гістарычныя падзеі паклалі адмоўны адбітак на яе развіцці. Апрача таго, у заходніх абласцях сацыялістычнае будаўніцтва пачалося намного пазней. Да 1939 года гэта частка тэрыторыі знаходзілася ў складзе буржуазна-памешчыцкай Польшчы і развіццё тэрыторыі было замаруджана. Вялікія Айчынная вайна нанесла вялікія страты народнай гаспадарцы раёна. У баях гінулі смаргонцы, знішчаліся багацці, створаныя іх працай. Пасля вайны, давялося ўсё адбудоўваць. За гады Савецкай улады Смаргонскі раён ператварыўся ў адзін з перадавых раёнаў вобласці. Аднавілася работа старых галін – дрэваапрацоўчай, харчовай, лёгкай прамысловасці. Развіваецца і сельская гаспадарка: павышаецца ўраджайнасць збожжавых і тэхнічных культур, расце прадукцыйнасць жывёлы. У калгасы і саўгасы раёна паступае новая тэхніка.

Вялікую ролю ў развіцці гаспадаркі раёна мае транспарт, без якога не можа развівацца ўся гаспадарка, якая ўваходзіць у Беларускі эканамічны раён. На спецыялізацыю яго аказваюць уплыў наступныя фактары: блізасць да іншых развітых раёнаў, забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі і высокакваліфікаванымі кадрамі, недахоп уласных энергетычных рэсурсаў і металу, параўнальна спрыяльныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Смаргонскі раён спецыялізуецца на машынабудаванні, металаапрацоўцы і харчовай прамысловасці, бо яны пераважаюць у структуры вытворчасці.

У 2005 годзе наш раён заняў першае месца сярод раёнаў Рэспублікі Беларусь па сацыяльна-эканамічным развіцці, а ў 2006 годзе – другое месца.

 

8.1. Прамысловасць

 

Прамысловасць Смаргоні прадстаўляюць сямнаццаць прамысловых прадпрыемстваў, на якіх занята больш пяці тысяч чалавек. З агульнай колькасці прадпрыемстваў дзевяць (або 52,9%) дзяржаўнай формы ўласнасці. У структуры вытворчасці пераважаюць машынабудаванне, металаапрацоўка (35 %), харчовая прамысловасць (31%) і будаўнічыя матэрыялы (22%). Дзяржаўныя прадпрыемствы вырабляюць больш за 90% прамысловай прадукцыі. Найбольш буйнымі з іх з’яўляюцца РУП “Смаргонскі агрэгатны завод”, РУП “Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання”, ТАА “Смаргоньсілікатабетон”, ТАА “Смаргонскія малочныя прадукты”, ПЧУП “Смаргонскі камбікормавы завод”, КУП “Смаргонскі ліцейна-механічны завод”.

 

image16

Адміністрацыйны корпус РУП Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання

 

 

 

 

Аднаўляецца экспартны патэнцыял прамысловых прадпрыемстваў, развіваецца іх інвестыцыйная дзейнасць. Прадпрыемствы працуюць над прыцягненнем замежных інвестыцый у эканоміку, над тэхнічным пераўзбраеннем з мэтай выпуску сучаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі. Прыкладам можа служыць створанае ў 2000 годзе сумеснае прадпрыемства “Літком” з Кастрамскім прадпрыемствам “Матордэталь” (Расія) па вытворчасці і апрацоўцы поршневых кольцаў для аўтамабільнай прамысловасці.

Актыўнымі тэмпамі ідзе ў городзе развіццё прадпрымальніцтва, развіваецца прыватная форма ўласнасці. У склад дзеючых прадпрыемстваў уваходзяць закрытыя акцыянерныя таварыствы, таварыствы з абмежаванай адказнасцю, вытворчыя кааператывы, таварыствы з дадатковай адказнасцю, унітарныя прадпрыемствы і адкрытыя акцыянерныя таварыствы. У горадзе Смаргоні размешчаны і ажыццяўляюць сваю дзейнасць замежныя і сумесныя прадпрыемствы. Прадпрыемствамі недзяржаўнай формы ўласнасці арганізавана вытворчасць драўляных вырабаў, дзвярных блокаў, ажыццяўляецца мадэрнізацыя і рамонт вакуўмных установак, пашыў спецадзення, пасцельнай бялізны, вытворчасць жалезабетонных вырабаў і канструкцый, ветэрынарных прэпаратаў і камбікормавых дабавак. На 01.07.2007 г. дзейнічалі 122 малыя прадпрыемствы, на якіх працавала 970 чалавек. Найбольш шырока прадпрымальніцкая дзейнасць прадстаўлена ў сферы аказання гандлёвых паслуг насельніцтву. Каля 80% прадпрымальнікаў займаюцца гандлем.

Асноўныя аб’екты будаўніцтва выконваюць ТАА “БМТ №41”, ДП “Смаргонская МПМК-165”, “ДРБУ – 134”, РУП “Смаргонскае ПМС”, ТАА “Саніт”, ТАА “Спецмантаж”, ТДА “Будмеханізацыя”, ТАА “Будіндустрыя”, “БУ-95”. Агульная колькасць працуючых у гэтай галіне – 1,1 тыс. чалавек. Будаўнічы трэст валодае базай па вытворчасці таварнага бетону і раствору, зборнага жалезабетону, мае цэх дрэваапрацоўкі па вытворчасці сталярных вырабаў і аздабляльных матэрыялаў, ёсць парк землярыйнай тэхнікі, будаўнічых машын і аўтатранспарта. Трэст паспяхова забяспечвае ўвод аб’ектаў сацыяльнай сферы. Выкарыстанне высокаякасных аздабляльных матэрыялаў дазваляе выконваць работы ў адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі стандартамі. Важнае прамысловае значэнне мае Смаргонскае раённае ўнітарнае прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка”, якое займаецца абслугоўваннем камунікацыйных аб’ектаў.

image22

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Адміністрацыйны корпус жыллёва-эксплуатацыйнай службы

 

 

8.2. Аграпрамысловы комплекс

 

Аграпрамысловы комплекс Смаргонскага раёна аб’ядноўвае ўсе галіны, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўцы і давядзенні яе да спажыўцоў. Ён забяспечвае прадуктамі харчавання насельніцтва і сыравінай вытворчасць абутку, адзення, тканін і шэраг іншых вытворчасцей. Аграпрамысловы комплекс раёна на чэрвень 2007 г. прадстаўляюць восем сельскагаспадарчых кааператываў, чатыры унітарныя прадпрыемствы, а таксама ТАА “Смаргоньлён”, “Смаргонская птушкафабрыка” і фермерскія гаспадаркі.

У раслінаводчай галіне асноўнымі відамі прадукцыі з’яўляюцца: жыта, ячмень, пшаніца, авёс, цукровыя буракі, бульба, лён-даўгунец, рапс; у жывёлагадоўчай вытворчасці – малако, мяса буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі.

image12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уборка бульбы

Агульная зямельная плошча гаспадарак раёна на 01.01.2007 г. года складала 67,8 тыс. га, у тым ліку сельгасугоддзяў – 28,2 тыс. га, ворыва – 32,8 тыс. га. Кадастравая ацэнка сельгасугоддзяў раёна28,2 бала, ворыва – 30,6 бала. У раслінаводстве раёна найбольшае значэнне маюць зерневыя культуры, а ў жывёлагадоўлі – вырошчванне буйнай рагатай жывёлы са спецыялізацыяй – малочна-таварная вытворчасць. У раёне працуе комплекс па вытворчасці ялавічыны ў СВК “Саўбел”, на свінакомплексе “Андрэеўцы”. У галінах сельскагаспадарчай вытворчасці працавала 2575 чалавек.

Машынна-трактарны парк налічвае 448 адзінак трактароў усіх мадыфікацый, 76 адзінак зернеўборачных камбайнаў, 290 адзінак грузавых аўтамабіляў (на чэрвень 2007 года).

Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляецца на прадпрыемствах: ТАА “Смаргонскія малочныя прадукты”, ПЧУП “Смаргонскі камбікормавы завод”, ТАА “Смаргоньлён”, КПДУП “Смаргонскі завод харчовых прадуктаў”.

Па стану на 1 студзеня 2007 года ў грамадскім сектары раёна ўтрымлівалася 25,2 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 7,8 тыс. галоў кароў, 22,6 тыс. галоў свіней, 16 тыс.галоў птушкі.

 

8.3 Будаўніцтва

 

Асноўныя аб’екты будаўніцтва ў раёне ажыццяўляюць ТАА “Будаўніча-мантажны трэст №41”, ДП “Смаргонскае МПМК-165”, “ДРБУ-134”, ДУП “Смаргонская ПМС”, а таксама шэраг спецыялізаваных устаноў. Агульная колькасць працуючых у гэтай галіне – 1,2 тыс. чалавек.

ТАА “СМТ-41” валодае базай па вытворчасці таварнага бетону, зборнага жалезабетону, мае цэх дрэваперапрацоўкі па вытворчасці сталярных вырабаў аддзелачных матэрыялаў. Ёсць парк землярыйнай тэхнікі, будаўнічых машын і аўтатранспарту. Трэст паспяхова забяспечвае ўвод аб’ектаў сацыяльнай сферы. Выкарыстанне высокаякасных аддзелачных матэрыялаў дазваляе ажыццяўляць работы ў адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі стандартамі.

За перыяд з 2001па 2006 гг. будаўнічымі арганізацыямі раёна ўведзена ў эксплуатацыю 91 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 38,5 тыс. кв.м на вёсцы. У 2006 годзе уведзены ў эксплуатацыю аграгарадкі ў вёсках Солы, Вішнева, Залессе, Жодзішкі, Сінькі, Лылойці.

Смаргонскае раённае унітарнае прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка” ўключае ў сябе вадаправодна-каналізацыйную гаспадарку па абслугоўванні сельскіх камунальных аб’ектаў, дарожна-эксплуатацыйны і спецаўтагаспадарчы ўчасткі, баню, энергагаспадарку, службу гасцінічнай гаспадаркі і жыллёва-эксплуатацыйную службу.

 

8.4 Транспарт

 

Транспарт раёна развіваецца ва ўзаемадзеянні з работай важнейшых галін і сфер народнай гаспадаркі. Аўтапарк 17 абслугоўвае 10 гарадскіх маршрутаў, 32 прыгарадныя і 8 міжгародных, 62 адзінкі грузавога транспарту ажжыццяўляюць дастаўку грузаў па Беларусі і за яе межы. Вялікую ролю ў развіцці Смаргонскага раёна мае грамадскі транспарт для паслуг насельніцтва і грузавы.

Значны ўплыў на эканамічнае развіццё рэгіёна аказвае работа чыгуначнай станцыі Смаргонь, праз якую штодзень праходзіць шмат пасажырскіх і грузавых цягнікоў, расце пасажырапаток.

У Смаргоні высокае забеспячэнне жыхароў тэлефонамі. Пашыраецца спектр паслуг на пунктах калектыўнага карыстання паслугамі сувязі. Арганізаваны месцы для доступу ў сетку Інтэрнэт, выкарыстоўваюцца для сувязі сервісныя тэлефонныя карткі, міжнародная паскораная пошта “ЕМS”, унутры-рэспубліканская паскораная пошту “Экспрэс”.

Добра развіта ў раёне і сфера гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Рознічны гандль апіраецца на шырокую разнастайнасць гандлевых аб’ектаў, магазінаў, пазамагазінных форм продажу тавараў. У горадзе працуюць тры рынкі: харчовы, рэчавы і калгасны. На долю дзяржаўнага сектара прыпадае 39,5% тавараабароту, а недзяржаўнага – 60,5%.

 

8.5. Сацыяльная сфера

 

У горадзе паспяхова развіваецца сфера паслуг, у тым ліку аб’екты грамадскага харчавання. Сярод іх рэстараны “Вілія” і “Рэзананс”, кафэ “Капучына”, бары Смак і “Спадар”. Наладжана вытворчасць кандытарскіх і булачных вырабаў.

Кіраўніцтвам раёна надаецца вялікая ўвага бытавому абслугоўванню насельніцтва праз дзейнасць райбыткамбіната і ўчастка “Рамбыттэхніка”, абласнога тэхнагандлёвага цэха “Гарант”, абласнога унітарнага прадпрыемства “Мебельщик”, Дома быту, шэрагу цэхаў і вытворчых баз.

Працэс навучання і выхавання дзяцей забяспечваецца развіццем сеткі ўстаноў сістэмы адукацыі, якая ўключае дашкольныя навучальныя ўстановы, школы, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзве дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, прафтэхвучылішча.

У дашкольных установах, акрамя навучання і выхавання арганізавана ўсебаковае развіццё дзяцей з дапамогай увядзення ўрокаў харэаграфіі, класаў з паглыбленым вывучэннем замежных моў і аказаннем карэкцыйнай дапамогі дзецям. У структуру адукацыі горада ўваходзяць сярэднія агульнаадукацыйныя школы, гімназія №4, школа-інтэрнат для дзяцей сірот, якія засталіся без апекі бацькоў, вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная і школа-сад. Вучэбна-выхаваўчы працэс у школах ажыццяўляюць высокакваліфікаваныя педагогі. У раёне працуюць эксперыментальныя пляцоўкі, а ўся галіна адукацыі ўключана ў Рэспубліканскі праект “Інфармацыйныя тэхналогіі навучальнага працэсу і ўпраўлення дзейнасці”. Калектывы ўстаноў адукацыі працуюць па новых педагагічных тэхналогіях з шырокім прымяненнем камп’ютарнай тэхнікі і выхадам у Інтэрнэт.

Сацыяльная, карэкцыйная і рэабілітацыйная дапамога дзецям-інвалідам і дзецям, якія апынуліся ў экстрэмальных умовах, ажыццяўляецца спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Здольнасці дзяцей па розных відах творчай дзейнасці развівае цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі, дзе адкрыта мноства гурткоў. На базе цэнтра арганізавана работа школы дадатковай мастацкай адукацыі, працуе дзіцячае кафэ і дыскатэка. Фізічнае развіццё дзяцей і падлеткаў забяспечваюць спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 2, якія наведваюць больш, чым адна тысяча дзяцей рознага ўзросту.

image31

 

 

 

 

 

 

 

 

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юность”

 

Рэалізаваць прафесійныя запыты вучні школ могуць па многіх профілях у міжшколыным вучэбна-вытворчым камбінаце. Штогод гасцінна расчыняе свае дзверы перад выпускнікамі школ ПТВ № 128, якое рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў горада. У сувязі з будаўніцтвам філіяла МТЗ вучылішча пачало падрыхтоўку спецыялістаў па шэрагу новых спецыяльнасцей.

Культурным абслугоўваннем насельніцтва горада і раёна займаюцца гарадскі Дом культуры, бібліятэкі, дзіцячая школа мастацтваў імя М.Агінскага, гісторыка-краязнаўчы музей.

Гонарам Смаргоні з’яўляецца народны ансамбль песні і танца імя М.Агінскага, народны цымбальны аркестр імя А.А.Дзяругі, народны хор тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання, дзіцячае аб’яднанне “Мішутка”, РУП “Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання”, народны тэатр гульні “Завадатар”, ансамбль “Хутарок” і іншыя. Значнае месца ў культурным жыцці горада займаюць узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок”, дзіцячы струнна-народны і цымбальны ансамбль “Вілляначка”, фальклорны ансамбль “Ярыца” і струнны ансамбль. Візітнай карткай Смаргоні стаў Міжнародны конкурс камерных ансамбляў імя М.Агінскага, які аб’яднаў лепшыя музычна-выканаўчыя сілы Беларусі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны, Латвіі, Румыніі і Польшчы.

Аддзел культуры Смаргонскага райвыканкама разам з Ашмянскім, Астравецкім, Валожынскім, Мядзельскім і Маладзечанскім раённымі выканаўчымі камітэтамі з’яўляецца заснавальнікам рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”.

Бібліятэкі горада маюць універсальны фонд друкаваных выданняў па розных галінах ведаў на рускай і беларускай мовах.

Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей вядзе значную работу па зборы, захоўванні і прапагандзе гістарычных помнікаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, а супрацоўнікі музея аказваюць дапамогу музеям школ горада і раёна. Цікавыя і змястоўныя экспазіцыі мезеяў разгарнуліся ва ўстановах адукацыі “СШ№5”, “СШ №6”, “Гімназіі №4”, “СШ№1”, “СШ №2”, “СШ №3”, “СШ – інтэрнат”. У гэтых установах адукацыі вядзецца актыўная работа па захаванні, падтрымцы і адраджэнні мінулага, сёння і будучага роднага краю. У розных галінах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва працуе ў горадзе больш з трыццаць народных майстроў. Сярод іх – сябры Саюза народных майстроў Рэспублікі Беларусь па лазапляценні Аляксандр і Людміла Мускія і ганчарыСяргей і Кірыл Нагаевы.

У горадзе працуе кінатэатр “Космас” і некалькі фотасалонаў.

Для арганізацыі і правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў горадзе існуюць стадыён, міні-басейны, спартыўныя і трэнажорныя залы, стралковыя ціры, прыстасаваныя памяшканні для фізічнага развіцця і хакейныя пляцоўкі. Асноўнай базай для правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў горадзе з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва”, дзе ёсць плавацельны басейн, трэнажорныя залы, залы настольнага тэнісу і більярду, шахматна-шашачны клуб, стадыён. На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу дзейнічаюць дзве ДзЮСШ, паспяхова праходзіць падрыхтоўка футбольнага клуба “Смаргонь”, спаборнічаюць вучні сярэдніх школ.

Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвае цэнтральная раённая бальніца з дзвюма паліклінікамі і жаночай кансультацыяй. Амбулаторна-паліклінічную дапамогу ў паліклініцы аказваюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. У горадзе адкрыты новыя здраўпункты на прадпрыемствах і ва ўстановах, кругласутачна дзяжураць спецыялісты хуткай медыцынскай дапамогі.

Вялікая ўвага надаецца ў раёне сацыяльнай ахове насельніцтва, сярод якіх інваліды, адзінокія, мнагадзетныя сем’і. Усё накіравана на рэалізацыю правоў сям’і і дзяцей, на сацыяльную і матэрыяльную падтрымку з боку дзяржавы. У сацыяльным цэнтры “Цёплы дом” можна атрымаць кансультацыю ўрача, юрыста, карыстацца бытавымі паслугамі, можна адпачыць. Там арганізавана работа клубаў па інтарэсах.

На тэрыторыі Смаргонскага раёна ажыццяўляецца служба па ахове дзяржаўнай мяжы. Яе нясуць воіны – пагранічнікі вайсковай часці 2044, дзе рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў для ўсёй дзяржавы.

 

Смаргонезнаўства: вучэбна-метадычны дапаможнік / УА “Агульнаадукацыйная сярэдняя школа №1 г. Смаргоні”; [складальнік Р.С. Шчасны]. – Смаргонь, 2007. – С. 4-33

 

 





0 Комментарии

Апошнiя каментарыi